ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.
Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.А.Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.П.Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.І.Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.У.Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.М.Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.М.Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.А.Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад. Нац. АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).
В.А.Кліменка.
т. 7, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)